Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Шаблон:Інфармацыя пра бібліятэку Нацыянальная бібліятэка Беларусі (поўная назва – дзяржаўная ўстанова “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”) – галоўная універсальная навуковая бібліятэка Беларусі, скарбніца культурных здабыткаў народа, яго нацыянальнай памяці. Дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з'яўляецца прафесар, доктар педагагічных навук Р. С. Матульскі.

Гісторыя бібліятэкі

Заснаванне

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) была заснавана Пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 15 верасня 1922 г. як Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. Яна ўваходзіла ў склад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), але выконвала ўсе функцыі галоўнай бібліятэкі рэспублікі. Першым дырэктарам бібліятэкі стаў Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі, які ўзначальваў яе амаль 40 гадоў.

На момант адкрыцця фонды бібліятэкі налічвалі ўсяго 60 тыс. экзэмпляраў, якімі карысталіся 1,1 тыс. чалавек. Але ўжо ў 1926 г. 5,5 тыс. чытачоў маглі скарыстацца 300-тысячным фондам, што ўяўляў сабой найбуйнейшы ўніверсальны бібліятэчны збор па ўсіх галінах ведаў, і ў першую чаргу па беларусазнаўчай тэматыцы. Пастаяннымі карыстальнікамі бібліятэкі сталі дзеячы мастацтва і навукі БССР, прадстаўнікі дзяржаўных, партыйных і грамадскіх арганізацый. Бібліятэка становіцца актыўным удзельнікам культурна-нацыянальнага будаўніцтва, працэсаў беларусізацыі, развіцця дзяржаўнай структуры.

Такое пашырэнне функцый, рост фондаў, павелічэнне актыўнасці чытачоў патрабавалі змены статусу бібліятэкі. Пастановай СНК БССР ад 14 мая 1926 г. бібліятэка была выведзена са складу БДУ і рэарганізавана ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку.

Першы будынак Нацыянальнай бібліятэкі – Юбілейны дом. У 1932 г. бібліятэка атрымала новы будынак, што стаў яе тварам на наступныя 70 гадоў. Аўтарам праекта быў вядучы беларускі архітэктар Г. Лаўроў, які прапанаваў цікавае рашэнне ў модным тады канструктывісцкім стылі. У складзе бібліятэкі быў арганізаваны Бібліяграфічны інстытут БССР.

Другая сусветная вайна

На пачатак 1941 г. у фондзе бібліятэкі было ўжо больш за 2 млн тамоў, колькасць чытачоў складала 15 тыс. чалавек. Далейшае яе развіццё было перапынена Другой сусветнай вайной. Баявыя дзеянні і тры гады акупацыі практычна цалкам знішчылі бібліятэку. Пасля вызвалення Мінска з двухмільённага фонду бібліятэкі засталося толькі 320 тыс. экзэмпляраў. Пад час вайны было знішчана багатае спецыяльнае абсталяванне. Захаваўся толькі будынак у вельмі пашкоджаным стане. Трэба было ствараць дзяржаўную бібліятэку другі раз за чвэрць стагоддзя.

Яшчэ ў 1943 г. пры эвакуяванай Акадэміі навук БССР у Маскве была створаная рабочая група па фармаванні кніжнага фонду. Велізарная дапамога ва ўзнаўленні фонду, як і ў першапачатковай яго арганізацыі, была аказаная шматлікімі бібліятэкамі саюзных рэспублік. У ліпені 1944 г., адразу пасля вызвалення Мінска, было прынята ўрадавае рашэнне аб узнаўленні працы бібліятэкі, а ў кастрычніку 1944 г. адкрыліся яе чытальныя залы.

Пасля Другой сусветнай вайны

З вясны 1945 г. пачаўся сістэматычны пошук вывезеных кніг у Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі. У 1947 г. фонды бібліятэкі былі колькасна адноўленыя і дасягнулі даваеннага ўзроўню, хоць шматлікія лакуны ў іх не атрымалася запоўніць дагэтуль.

Праца бібліятэкі ў 1950–1980-я гг. адзначана сталым павелічэннем аб’ёму фондаў, ростам ліку чытачоў, развіццём міжнародных сувязей, арганізацыйнымі зменамі, што адлюстроўваюць новыя функцыі бібліятэкі. У 1962 г. бібліятэка атрымала новы корпус на вуліцы Кірава, які дазволіў на час вырашыць праблему з недахопам працоўных плошчаў для работы чытачоў і захоўвання фондаў. У 1972 г. у сувязі з 50-гадовым юбілеем бібліятэка была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга – вышэйшай грамадскай і дзяржаўнай узнагародай СССР.

Бібліятэка ў незалежнай Беларусі

Пасля набыцця Рэспублікай Беларусь дзяржаўнай незалежнасці і суверэнітэту бібліятэка ўзначаліла бібліятэчную сістэму краіны. Змена яе статусу, павышэнне значнасці ў культурным і сацыяльным развіцці дзяржавы і нацыі адлюстравалася ў перанайменні 19 мая 1992 г. Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Да гэтага часу вострай стала неабходнасць увядзення для бібліятэкі новага збудавання. Яшчэ ў 1989 г. быў праведзены міжнародны конкурс на лепшае архітэктурнае рашэнне будынка. Пераможцам конкурсу стаў праект творчага калектыву М.К. Вінаградава і У.У. Крамарэнкі, якія прапанавалі арыгінальнае спалучэнне функцыянальнасці і эфектнасці "беларускага дыямента". Але праект быў рэалізаваны толькі праз 13 гадоў.

7 сакавіка 2002 г. прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка падпісаў загад "Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы "Нацыянальная бібліятэка Беларусі"". Закладка падмурка новага будынка бібліятэкі адбылася 1 лістапада 2002 г. 16 чэрвеня 2006 г. новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрыўся для карыстальнікаў. Ён вылучаецца яскравым архітэктурным рашэннем, сваёй формай нагадвае агранены дыямент, які сімвалізуе каштоўнасць ведаў, прыгажосць і разнастайнасць свету.

Бібліятэка

Асноўныя параметры будынка

Агульная плошча будынка – 113 669 кв. м;

Плошча фондасховішча – 54 960 кв. м;

Будаўнічы аб’ём будынка – 420 558 куб. м;

Аб'ём фондасховішча – 200 580 куб. м;

Вышыня будынка – 73,670 м;

Умяшчальнасць фондасховішча – 14 млн адзінак захоўвання;

Колькасць чытацкіх месцаў – 2000;

Колькасць чытальных залаў – 20;

Колькасць аўтаматызаваных рабочых месцаў карыстальнікаў і персаналу – больш за 1500.

Статус бібліятэкі

Бібліятэка з'яўляецца агульнадзяржаўным сховішчам нацыянальнага дакумента і беларусікі, а таксама замежных дакументаў, якія маюць навуковую, культурную і мастацкую каштоўнасць; дэпазітарыем матэрыялаў ААН і іншых міжнародных арганізацый; міжгаліновым дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь; цэнтрам рэспубліканскага дакументаабмену; каардынацыйным і метадычным цэнтрам рэспубліканскага значэння; нацыянальным цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента; рэспубліканскім цэнтрам аўтаматызаванай інфармацыйна-бібліятэчнай сістэмы; навукова-даследчай установай па бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве, кнігазнаўстве; рэспубліканскім галіновым цэнтрам інфармацыі па культуры і мастацтве.

Фонд бібліятэкі

НББ валодае найбольш поўным і запатрабаваным дакументным фондам у краіне. Ён складае 9,2 млн дакументаў (друкаваныя выданні, рукапісы, мікрафільмы, электронныя і іншыя віды дакументаў), створаных як у Беларусі, так і ў розных краінах свету больш чым на 50 мовах. Гэта найбольш поўны збор нацыянальных дакументаў, самы поўны ў краіне збор навуковых і грамадска значных замежных дакументаў, калекцыя рукапісаў XIV–XX ст. на славянскіх і заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах, багатая калекцыя старадрукаў, у т.л. адзіны ў Беларусі збор кніг беларускага першадрукара Францыска Скарыны. У бібліятэцы захоўваецца шматлікі фонд перыядычных выданняў; дысертацыі і аўтарэфераты, найбагацейшы фонд выяўленчых матэрыялаў, самая вялікая ў Беларусі калекцыя нот. Бібліятэка фарміруе фонд электронных выданняў і баз даных (бібліяграфічных, фактаграфічных, паўнатэкставых і камбінаваных) як уласнай генерацыі, так і буйнейшых бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў свету. Як інфармацыйны цэнтр бібліятэка ажыццяўляе інфармацыйнае абслугоўванне інавацыйнай дзейнасці, фарміраванне электроннай бібліятэкі НББ, стварэнне і падтрымку інтэрнэт-партала, генерацыю тэматычных электронных інфармацыйных рэсурсаў, арганізацыю і функцыянаванне сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі, вядзенне зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі.

Вядомыя супрацоўнікі

Зноскі

У Сетцы