Цвярское княства

Шаблон:Вызнч, Шаблон:Вызн2 ўзнікла на землях, заселеных смаленскімі крывічамі, у ХІІІ ст. і існавала амаль да канца XV ст.

Горад Цвер узнік у ХІІ ст. і спачатку належаў Ноўгараду, а з 1209 перайшоў пад уладу Уладзіміра-Суздальскага княства. У пачатку ХІІІ ст. Цвер – удзел Пераяслаў-Залескага княства. Пасля разгрому Уладзіміра-Суздальскай зямлі мангола-татарамі і падзелу спадчыны вялікага князя Яраслава Усеваладавіча (які загінуў у Ардзе) атрымлівае ў 1247 незалежнасць — пры князе Яраславе Яраславічы, родным браце Аляксандра Неўскага. З 1264 ён становіцца вялікім князем Уладзімірскім. У наступным годзе ў Цвяры ўзнікае епіскапская кафедра, якую ўзначаліў былы полацкі епіскап Сімяён. Другім цвярскім епіскапам у 1289-1316 быў Андрэй, сын полацкага князя Гердзеня. Усё гэта садзейнічала ўзвышэнню Цвяры.

У 1285 князем Міхаілам Яраславічам, яго маці княгіняй Аксінняй і епіскапам Сімяёнам закладзены каменны Спаскі сабор, асвечаны ў 1290. Гэта быў кафедральны, галоўны храм новай краіны. Спаскі сабор стаў першым каменным храмам на тэрыторыі Паўночна-Усходняй Русі пасля татарскага разгрому 1238. Такім чынам, Цвер апярэдзіла Маскву ў галіне каменнага будаўніцтва. Яшчэ адну каменную царкву пачалі будаваць цверцы ў 1323 ў Фёдараўскім манастыры. У XIV ст. у Цвяры на беразе Волгі стаяў яшчэ адзін храм Міхаіла Архангела. У 1369 князь Міхаіл Аляксандравіч умацаваў Цвер драўляным крамлём, а ў 1372 ўзвёў вакол земляны вал. Таксама ў Цвяры вяліся і ўласныя летапісы, некаторыя дайшлі да нашых дзён (напр. "Хроніка Георгія Амартола").

Цвярское княства вяло актыўную барацьбу з Маскоўскай дзяржавай за вялікае уладзімірскае княжанне і за палітычную гегемонію на Русі, у гэтай барацьбе часта атрымлівала падтрымку Вялікага княства Літоўскага, з якім, зрэшты таксама часта ваявала (1285 і інш.). Перадусім ішла барацьба за кантроль над раёнам Ржэва на Верхняй Волзе, у якім пазней да сярэдзіны XX ст. захоўваліся беларускія гаворкі і іншыя беларускія этнаграфічныя прыкметы (гл. Тудаўляне).

Да буйных цвярскіх гарадоў можна таксама аднесці Кашын, Ксняцін, Зубцоў, Старыцу (дзе здабывалі белы камень для будаўніцтва) Холм, Мікулін і Дарагабуж.

Тытул «вялікіх» канчаткова замацаваўся за цвярскімі князямі ў сяр. XIV ст., узмацнілася іх змаганне з князямі маскоўскімі. У гэты час Цвер наладзіла сяброўскія адносіны з ВКЛ. У 1320 дачка Гедзіміна Марыя выйшла замуж за цвярскога князя Міхаіла, а неўзабаве дачка Кейстута выйшла за князя Івана Міхайлавіча. Даволі часта палкі Цвяры ваявалі разам з войскамі ВКЛ супроць крыжакоў. У змаганні з цвярскімі князямі маскоўскія абапіраліся на Арду і татарскія войскі. У 1327 Цвер узначаліла паўстанне супроць Арды, у горадзе быў забіты татарскі пасланнік і ягоны аддзел. Тады залатаардынскі хан даручыў маскоўскаму князю Івану Каліце пакараць цверцаў. Каліта ўзначаліў татарскае войска, знішчыў паўстанцаў і разрабаваў Цвярскую дзяржаву. У 1328 ён атрымаў тытул Вялікага князя. Гэта паклала пачатак узвышэнню Вялікага княства Маскоўскага

Аднак Цвер паступова адрадзілася і з дапамогай вялікага князя літоўскага Альгерда, які ў 1347 другі раз ажаніўся на цвярской княжне Юльяне, працягвала змагацца з Масквою. У лістападзе 1368 Альгерд падтрымаў цверцаў, пайшоў на Маскву, асадзіў яе і тры дні стаяў пад сценамі горада, пакуль не атрымаў выкуп.

У 1370 маскоўскі князь Дзмітрый зноў нападае на Цвер. Альгерд робіць другі паход на Маскву і бярэ яе ў аблогу 6 снежня 1370, У гэты час цвярскі князь атрымлівае ў Ардзе ярлык на валоданне Уладзімірскім княствам. У 1372 войскі ВКЛ начале з Вітаўтам і Кейстутам зноў уварваліся ў Масковію, каб падтрымаць свайго хаўрусніка. У 1375 маскоўскі князь Дзмітрый арганізаваў паход на Цвер, мабілізаваўшы вайсковыя дружыны 19 удзельных князёў. Цвярскі князь Міхаіл мужна абараняўся, аблога Цвяры доўжылася 5 тыдняў, але горад не здаваўся. Тады захопнікі разбурылі і знішчылі іншыя паселішчы вакол горада. Князь Міхаіл прапанаваў памірыцца, што і было зроблена.

У 1385 цвярскі князь Васіль Міхайлавіч ажаніўся на дачцэ кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча і сувязі з дынастыяй Гедзімінавічаў зноў узмацніліся. Гэтаму спрыяла і тое, што сын віцебскага князя і цвярской княжны Ягайла ў 1386 стаў польскім каралём.

Найбольшы росквіт эканомікі і культуры цвярской дзяржавы прыпадае на першыя дзве трэці XV ст, калі ў Масковіі ішлі доўгія грамадзянскія войны і набегі на Цвер спыніліся. У пачатку XV ст. цвярскі князь Іван Міхайлавіч чаканіць свае грошы. Шырокая слава ідзе пра цвярскіх гарматнікаў. Цвярскія купцы гандлявалі з гарадамі Прыбалтыкі і Каўказа, Блізкага Усходу і Сярэдняй Азіі. Найбольш вядомы з іх – Афанасій Нікіцін, які ў 1466-72 здзейсніў вандроўку ў Індыю.

Апошні росквіт дзяржавы адбываецца пры князі Барысе Аляксандравічы. Аднак пры Іване ІІІ Масковія зноў узмацнілася, вызвалілася ад ардынскай залежнасці і захапіла землі Ноўгарада. Наступіла чарга і Цвяры. Спачатку Масква схіліла на свой бок частку мясцовых баяраў. У верасні 1485 войскі Івана ІІІ атачылі Цвер. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір, нягледзячы на саюзныя абавязкі паводле дамоваў 1449 і 1484, не падтрымаў асаджаных. Праз некалькі дзён падкупленыя баяры перайшлі на бок Масквы і цвярскі князь Міхаіл Барысавіч з невялікай дружынай здолеў дабрацца да межаў ВКЛ, а яго маці, княжну Настассю ўзялі ў палон і вывезлі ў Маскву. "І так скончылася Вялікае Княства Цвярское" – адзначыў летапісец у Валынскім кароткім летапісе.

Шаблон:Літ